З'явіўся аўдыягід па браслаўскім музеі традыцыйнай культуры!
Тэхналогіі не стаяць на месцы, і жаданне зрабіць усё надзвычай лёгкім, зручным і эфектыўным стварае цікавыя ідэі, якія рэалізуюцца і паступова ўваходзяць у звыклае жыцццё кожнага з нас. Далёка хадзіць не трэба. Амаль нядаўна мы яшчэ карысталіся кнопачнымі тэлефонамі, а цяпер прыйшла эра смартфонаў-камунікатараў. У кішэню лёгка змяшчаецца маленькі камп'ютар з магутным працэсарам, які дазваляе вам хутка атрымліваць патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце, пракладваць маршруты, вандруючы па краіне, слухаць музыку альбо фатаграфаваць, чытаць кнігі ці гуляць у гульні. Чаго варты сэрвіс інтэрнэт-банкінга, калі ўсе плацяжы можна здзяйсняць, не выходзячы з хаты, альбо магчымасць заказаць талон у паліклініку праз інтэрнэт.
Безумоўна, гэта не значыць, што людзі становяцца шчаслівейшымі ці шмат разумнейшымі, чым былі, бо падобныя інструменты таксама трэба выкарыстоўваць "з галавой", але факт, што часта тэхнічныя прылады могуць зэканоміць вам час, а пры слушным падыходзе у чымсьці і развіць.
Адным з такіх цікавых сэрвісаў можна назваць аўдыёгіды па музеях сусвету. Працуе ўсё вельмі проста: у магазіне дадаткаў вы знаходзіце праграму-аўдыёгід, спампоўваееце яе, і шукаеце патрэбны музей. І вось у вашых руках і навушніках ёсць змястоўная экскурсія па экспазіцыі.
Маладая галандская кампанія izi.TRAVEL паставіла для сябе мэту стварыць зручны аўдыёсэрвіс для турыстаў, і ўжо некалькі гадоў папаўняе сваю базу музеяў. У каталог нядаўна трапіла і Браслаўскае аб'яднанне музеяў.
Ідэя супрацоўніцтва з кампаніяй прыйшла дырэктару Надзеі Дударонак, калі яна ўбачыла ў паштовай скрыні цікавую прапанову і заўважыла, што пакуль па ўсёй Беларусі ў базе прадстаўлены толькі Мінскі, Гомельскі і Лідскі музеі. Становішча трэба было выпраўляць, і цяпер у музея традыцыйнай культуры з'явіўся падрабязны лічбавы гід па экспазіцыі.
Але далося гэта няпроста. Супрацоўнікі музея спачатку рыхтавалі невялікія, але змястоўныя тэксты па кутках экспазіцыі, прадстаўленых рамёствах, а таксама фотаздымкі. Потым у кампаніі заняліся агучкай тэксту, і нарэшце ўсё аформілася ў праграму, якую кожны, хто мае смартфон пад сістэмамі андроід, айос альбо віндаўс, можа знайсці ў сваіх магазінах дадаткаў па тэгу «izi.travel».
Цяпер плануецца дадаць у базу краязнаўчы музей і, магчыма, калісьці зрабіць аўдыёгід на іншых мовах, апрача рускай.
P/S Паспрабаваў пакарыстацца праграмай са свайго тэлефона, і магу сказаць, што досыць зручная рэч, асабліва для вялікіх музеяў. Адно што трэба доступ у інтэрнэт і мабільны трафік. А ўсё ж яна не заменіць жывога экскурсавода!
Галляш Сялява.